Меню
Председатель Дрибинского районного исполнительного комитета
21 февраля 2026
Настаўніца Кароўчынскай СШ Паліна Малікава падтрымлівае цікавасць у вучняў да роднай мовы
Дата 21 лютага — асаблівы дзень для кожнай нацыі, бо няма народа без мовы, як і няма мовы без яе носьбіта. Ключавую ролю ў выхаванні павагі да нашай беларускай мовы і падтрымцы інтарэса да яе ў грамадстве адыгрываюць у першую чаргу настаўнікі, раскрываючы перад вучнямі багацце, прыгажосць і ўнікальнасць гэтай асаблівай нацыянальнальнай каштоўнасці, далучаючы юных беларусаў да культурнай спадчыны свайго народа.
Як зацікавіць сваім прадметам сучасных дзяцей, добра ведае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кароўчынскай сярэдняй школы Паліна Малікава. Паліна Васільеўна стала лаўрэатам другога, раённага этапа конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» 2025-2026 гг., членам журы яна прадэманстравала высокі ўзровень прафесійнага майстэрства і творчага патэнцыялу, без якога ў педагагічнай дзейнасці не абысціся. Добрым вынікам, безумоўна, садзейнічала грунтоўная папярэдняя падрыхтоўка, але і на сцэне ў фінальным конкурсе, і падчас іншых выпрабаванняў, дзе патрабаваліся адмысловыя прафесійныя веды і навыкі, гераіня матэрыялу заставалася сама сабой — перш за ўсё чалавекам, які добрасумленна ставіцца да сваёй працы, любіць сваю справу і сваіх вучняў.
— З дзіцячых год я марыла стаць настаўнікам, — кажа Паліна Васільеўна. — Пасля заканчэння гімназіі ў родным горадзе Горкі паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. Куляшова. Па дыплому я выкладчык рускай мовы і літаратуры, і першыя гады, атрымаўшы размеркаванне ў Чавускі раён, працавала па спецыяльнасці. Прыкладна дзесяць год таму назад разам з сям’ёй мы вярнуліся на малую радзіму мужа — у Кароўчына. Я ўладкавалася ў мясцовую школу, і, бадай, з гэтага часу беларуская мова, якую тут прапанавалі выкладаць, мне стала асабліва блізкай, бо нельга навучыць дзяцей таму, што сам ведаеш кепска альбо што самому нецікава. Вучу і сама часам вучуся разам з вучнямі, рыхтуючыся да ўрокаў ці, напрыклад, алімпіядаў. І чым больш працую, тым больш натхняюся, — усміхаецца мая суразмоўца.
Настаўніца прызнаецца, што, выкладаючы беларускую мову і літаратуру, пачала больш выкарыстоўваць яе ў паўсядзённым жыцці. Быццам бы нанова адкрыла для сябе і вядомых беларускіх аўтараў, больш удумліва чытаючы іх знаёмыя яшчэ з дзяцінства творы.
У мясцовай бібліятэцы досыць шмат займальных, развіваючых беларускамоўных дзіцяцых кніг, кажа суразмоўца, і яна ахвотна бэрэ іх пачытаць для свайго сына-дашкольніка. З цікавасцю адносіцца да вывучэння беларускай мовы і літаратуры і дачка Вераніка, вучаніца 5 класа. Дзяўчынка, напрыклад, выразіла жаданне паўдзельнічаць сёлета ў алімпіядзе па гэтым прадмеце і зараз разам з маці актыўна рыхтуецца да будучых іспытаў.
Увогуле ва ўсіх сваіх вучняў Паліне Малікавай удаецца падтрымліваць інтарэс да роднай мовы. Творчая асоба, чалавек ініцыятыўны і дасціпны, Паліна Васільеўна імкнецца кожны ўрок ператварыць у цікавае падарожжа. На дапамогу прыходзяць сучасныя тэхналогіі, той жа штучны інтэлект, які пры граматным выкарыстанні дапамагае аўтаматызаваць руцінныя задачы і павысіць эфектыўнасць навучання, элементы гульні і разнастайная нагляднасць. На ўроках беларускай мовы і літаратуры вучні, акрамя іншага, пашыраюць свой кругагляд, вучацца быць назіральнымі, знаёмячыся з народнымі традыцыямі, звычаямі, культурай і гісторыяй роднай зямлі.
Назапашаны педагагічны вопыт Паліна Малікава імкнецца накіраваць таксама ў даследчую дзейнасць і ва ўдасканаленне адукацыйнана працэсу. Так, у мінулым годзе разам са сваёй вучаніцай Віялетай Ганчаровай пісалі даследчую працу па вобразе Бабы-Ягі ў беларускіх народных казках і занялі ў раёне прызавое месца. А па выніках рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак настаўніца Кароўчынскай СШ — яна прапанавала журы і сваім калегам асабіста распрацаваны план урока беларускай літаратуры ў 6 класе — трапіла ў лік фіналістаў. Гэта толькі некаторыя з яе прафесійных дасягненняў.
Мае Паліна Васільеўна і вопыт напісання вершаваных радкоў, а таксама з’яўляецца актыўнай удзельніцай вядомага ў раёне народнага ансамбля бытавога танца «Вытокі».
— У дзяцінстве мне яшчэ хацелася быць артысткай, і гэтая мара, як бачыце, таксама ажыццявілася, — жартуе суразмоўца. — А калі ўсур’ёз, то свае традыцыі трэба берагчы, шанаваць і перадаваць наступным пакаленням, як і нашу родную мову, якая з’яўляецца выразным адлюстраваннем душы і характару беларускага народа.
Ірына ЦЯЦЕРЫНА
Фота Ігара КОЛАБАВА
По материалам dribin.by