Меню
Председатель Дрибинского районного исполнительного комитета
20 февраля 2026
Любімыя беларускія стравы прапануе сваім наведвальнікам кафэ-бар «Малахіт» у Дрыбіне
У рамках праекта «Кожную пятніцу — роднае, сваё», накіраванага на папулярызацыю айчынных тавараў, падтрымку беларускіх вытворцаў, сёння мы наведваліся ў кафэ-бар «Малахіт» таварыства з абмежаванай адказнасцю «АлексБар». Адмысловыя беларускія стравы тут гатуюць, безумоўна, не толькі па пятніцах, кожны дзень у меню ўстановы можна знайсці пазіцыі, якія зацікавяць і прыйдуцца даспадобы аматарам нацыянальнай кухні. Як кажуць, у дадатковай рэкламе кафэ не мае патрэбы. І многія мясцовыя жыхары, і госці Дрыбіна прыходзяць сюды з задавальненнем, как адпачыць і добра падсілкавацца. Але ж было цікава даведацца, чым парадуюць менавіта сёння сваіх наведвальнікаў кухары «Малахіта»?
— Заўважана, што беларусы свае нацыянальныя кулінарныя традыцыі вельмі паважаюць, шануюць і, бадай, менавіта ім аддаюць перавагу, — дзеліцца сваімі назіраннямі дырэктар кафэ Яна Краўчанка. — Таму сапраўды, аснова нашага меню — стравы вядомыя, любімыя, хатнія, канешне ж, прыгатаваныя з мясцовых прадуктаў і, што асабліва важна, з душой, заўсёды свежыя і смачныя. Напрыклад, на гарнір — некалькі варыянтаў з бульбы: пюрэ, бульба па-вясковаму, дранікі і іншыя прысмакі. Заўсёды ў нас можна пакаштаваць наліснікі (тонкія бліны) з тварагом, піражкі ды смажанкі, катлеты на розны густ і іншыя мясныя стравы. Сытныя і наварыстыя супы — грыбны, расольнік, салянка, боршч, капусны суп, у тым ліку з квашанай капусты — таксама ўжо сталі неад’емнай часткай беларускай кухні, як і разнастайныя салаты з гародніны.
Пакуль мы размаўлялі з Янай Аляксандраўнай, у гэты час на кухні ва ўсю «чаравалі» майстры кухонных спраў, і прыемныя пахі ўзбуджалі апетыт.
— Сёння, напрыклад, мы можам накарміць наведвальнікаў гарбузовым супам, расольнікам па-хатняму, салатам «Палескі», мяснымі гнёздамі з грыбамі ды іншымі беларускімі стравамі. З напояў параім заказаць кампот з сухафруктаў, па-іншаму ўзвар — гэта і своеасаблівы дэсерт, і знаёмы з дзяцінства смак, — прапаноўвае повар ТАА «АлексБар» Жанна Аўласенка. — Але ж увогуле, што б мы ні гатавалі, наша галоўнае жаданне, каб госці адчувалі сябе тут, як дома, утульна, каб ежа не толькі наталяла голад, але і прыносіла сапраўднае задавальненне.
Можам толькі пацвердзіць словы суразмоўцы на ўласным вопыце: калектыву «Малахіта» гэта ўдаецца на выдатна.

Ірына ЦЯЦЕРЫНА
Фота Ігара КОЛАБАВА
По материалам dribin.by